Генеральны партнер праекта
226 выканаўцаў з 20 краін падалі заяўкі на ўдзел у III Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў. Беларусь, Расія, Украіна, Грузія, Узбекістан, Канада, Казахстан, Малдова, Літва, ЗША, Францыя, Манголія, Кітай, Арменія, Ізраіль, Латвія, Турцыя, Швецыя, Карэя і нават Ірландыя – маладыя спевакі з гэтых краін прыедуць у Вялікі тэатр Беларусі з 7 па 13 снежня. Дарэчы, ацаніць вакальны талент нашых удзельнікаў зможа не толькі высокае журы конкурсу, але і вы, дарагія гледачы. Па традыцыі, вы пачуеце удзельнікаў у вялікай зале тэатра 11 снежня – на другім туры конкурсу – і 13 снежня – на Гала-канцэрце фіналістаў, дзе акрамя дыпломаў і ўзнагарод будзе ўручаны і Прыз глядацкіх сімпатый. Акрамя таго, выступіць у фінальным гала-канцэрце ў якасці гасцей запрошаны пераможцы конкурсу мінулых гадоў. І гэтыя імёны сёння добра вядомы аматарам опернага мастацтва: Раміз Усманаў (Узбекістан), Надзея Паўлава (Расія), Міхаіл Малафій (Украіна), Лаша Сесіташвілі (Грузія), Алена Стіхіна (Расія), Віктар Мендзелеў (Беларусь), Ілля Сільчукоў (Беларусь).
Нагадаем, што конкурс вакалістаў праходзіць у тры туры, першыя два – з канцэртмайстрам, трэці (фінал) – у суправаджэнні аркестра. У фінале конкурсу ўдзельнікі выконваюць адну з галоўных партый у сцэнах з опер класічнага або сучаснага рэпертуару, а дапамагаюць ім у гэтым зоркі беларускага Вялікага.
Уладальнік Гран-пры конкурсу атрымае грашовы прыз у памеры 10 000 долараў ЗША, лаўрэат I прэміі - 8 000 долараў ЗША, лаўрэат II прэміі - 6000 долараў ЗША, а лаўрэат III - 4 000 долараў ЗША. Але самае галоўнае, многія маладыя артысты конкурсу атрымаюць каштоўныя ў свеце мастацтва запрашэння ў вядучыя оперныя тэатры і кампаніі свету.
Бо вызначаць лепшых з лепшых будзе больш чым кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі дырэктары оперных тэатраў, імпрэсарыа і вядомыя музычныя дзеячы. Узначаліць журы Ўладзімір Грыдзюшка, генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі. Таксама ў лік суддзяў войдуць: Тадэй Эдэр, генеральны дырэктар Львоўскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета ім. С.Крушальніцкай (Украіна), акад. Пламен Карталаў, дырэктар Сафійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета, Джон Элісан, рэдактар часопіса «Опера» (Вялікабрытанія), праф. Крыстоф Мэер, генеральны дырэктар Нямецкай оперы на Рэйне (Германія), Морыс Ксіберас, генеральны дырэктар Оперы Марсэлю (Францыя), Джанлука Марчыяна, дырыжор, мастацкі кіраўнік Фестывалю «Аль-Бустан» у Бейруце (Італія) і многія іншыя.
Адразу ж за конкурсам - з 14 па 20 снежня - нас чакае VII Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, у якім прымуць удзел зоркі, якія заваявалі сусветна вядомыя оперныя пляцоўкі свету! Атрымліваецца, што літаральна за 2 тыдні Мінск наведаюць артысты, музыканты, знакамітыя рэжысёры, імпрэсарыа, дырэктары тэатраў і агенцтваў з 32 краін!
Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў быў заснаваны ў 2014 годзе па ініцыятыве Вялікага тэатра Беларусі. Генеральны партнер праекта - Беларусбанк.
Афіцыйныя старонкі Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў ў сацыяльных сетках:
ВКонтакте - Vk.com/vocalcompetition
Facebook - Facebook.com/vocalcompetition