Архiў навiн

«Раманс учора і сёння»

- Прыхільнікаў у гэтага жанру вельмі шмат, што не дзіўна, бо раманс - гэта сапраўдная опера. Толькі маленькая, - кажа заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Сало. - У 3-4 куплетах крыецца часам цэлая гісторыя жыцця. Больш за тое, выкананне рамансаў дорыць магчымасць выкарыстоўваць яркую галасавую палітру - розныя тэмбры і фарбы. Але самае галоўнае, што заўсёды было і застаецца ў рамансе па гэты дзень, - гэта узрушаючай прыгажосці мелодыя! А стварыць падобную - рэдкі дар, і ён відавочна даецца звыш. Парой сучасныя кампазітары пішуць не мелодыю, якая льецца з глыбіні душы, а нейкі цыркавы нумар, напоўнены вакальнымі кульбітамі, на якія трацяцца нямалыя намаганні, але сыходзіць неад'емная частка раманса - яго тэатральнасць.

А ў маім разуменні раманс - гэта заўсёды выдатная мелодыя са словамі, якія западаюць у душу, таму што спявак павінен намаляваць сюжэтную карцінку так, каб глядач паверыў, што ўсё расказанае калісьці адбылося з табой. І трэба прызнацца, што я даволі прыдзірлівы выканаўца, - стараюся выбіраць, як мне здаецца, самыя прыгожыя кампазіцыі. Такія жамчужыны рамансаў публіка і пачуе 18 студзеня ў камернай зале. Пачнецца наш вечар са «ўчора» - прагучаць любімыя рамансы XIX стагоддзя, і паступова прыйдзе да «сёння». Не сумняваюся, прыхільнікі рамансаў адкрыюць нешта новае для сябе.

Часта можна чуць, што, маўляў, у пазамінулым стагоддзі ўжо было напісана ўсё самае прыгожае. І я хацела б менавіта на гэтым канцэрце, паказаўшы развіццё рамансаў ад старадаўніх да сучасных, давесці: гэта няпраўда! Гэты жанр жывы і сёння! Нават не сумняваюся: слухачы атрымаюць задавальненне ад рамансаў розных эпох, і сучасных у тым ліку. Менавіта таму я вырашыла запрасіць кампазітараў і папрасіць іх распавесці гісторыю стварэння сваіх рамансаў. Атрымаецца не проста канцэрт, а вечар цёплых зносін з публікай, які буду весці я сама. Леанід Захлеўны, Ганна Казлова, Эла Андрэенка - асабістае знаёмства з гэтымі людзьмі памяняла маё ўласнае стаўленне да раманса. Тварэнні кожнага з іх адрозніваюцца, што натуральна: у аднаго раманс больш акадэмічны, у іншага - з народна-песеннымі інтанацыямі, у трэцяга - з адценнем імправізацыі. Але ўсе творы ўзрушаюча прыгожыя! І вельмі хочацца, каб гледачы ўбачылі гэтых людзей, якія дораць і мне, і публіцы такую радасць. Дарэчы, прагучаць некалькі твораў і на беларускай мове - наша гаворка настолькі меладычная, што словы быццам бы самі кладуцца на пранікнёную музыку. Цікава, што раманс мяняе свой пах, колер і густ, калі гучыць на іншых мовах. Думаю, гледачы гэта прачуюць, калі старажытнарускае вымаўленне зменіць рускую мову, а потым беларуская.

Трэба шанаваць тое, што мы маем цяпер, і захоўваць гэтую прыгажосць. Нездарма кажуць, што менавіта яна ўратуе свет. Рамансы маюць права на тое, каб іх выконвалі, ім апладзіравалі і крычалі "Брава!». Я кажу выключна пра музыку. Але калі мне папляскаюць, буду толькі шчаслівая. (Усміхаецца.)

Рэжысёр - Алена Медзякова.
Партыя фартэпіяна - Святлана Жыган, скрыпка - Генрых Мацкевіч, вядучыя - Андрэй Марозаў, Алена Сало.
У канцэрце прымае ўдзел Аляксей Мікуцель.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры