Архiў навiн

Вечар кахання і цудаў

14 лютага, у Дзень усіх закаханых, Вялікі тэатр Беларусі дорыць сапраўднае свята сваім гледачам.

Пачынаючы з 18:15 у фае тэатра будуць гучаць дуды, барабаны, флейты, скрыпкі і нават бузукі - у гасцях у беларускага Вялікага ужо ўпадабаны публіцы фальклорны калектыў HardWood.– У прошлы раз выступ у тэатры оперы і балета для нас быў сапраўды вялікай падзеяй, – кажа салістка курта Вольга Грынь. – Мы ганарымся, што нам давялося прыняць удзел ва ўрачыстым свяце, прысвечаным беларускай культуры. Да таго ж, на нас была вельмі адказная місія – сустрэча гасцей і стварэнне містычнай і загадкавай атмасферы вечара з самага пачатку. Гледзячы на рэакцыю гасцей, можам сказаць, што мы здолелі гэта зрабіць! Ну і кульмінацыяй, канешне ж, стала опера «Сівая легенда», пастаўленая на лібрэта Ўладзіміра Караткевіча, на якую мы таксама былі запрошаныя. Дэкарацыі і музыка з першых імгненняў перанеслі нас у часы Рэчы Паспалітай. Нас уразіла тое, што опера была на беларускай мове, мы яшчэ не чулі гэты бок нашай мовы, не ведалі, якой мілагучнай яна можа быць у камбінацыі з сімфанічнай музыкай!.. 14 лютага мы зноў будзем бавіць людзей музыкай часоў Сярэднявечча і Рэнесанса. На гэты раз мы падабралі больш рамантычныя і павольныя кампазіцыі – спецыяльна да Дня ўсіх закаханых!

Дарэчы, на вечарыне можна будзе не толькі пачуць музыку, якая магічным чынам перанясе вас на некалькі стагоддзяў таму, але і ... патанчыць! Так-так! Навучыць сярэднявечнаму танцу вас паспрабуе тэатр Soleil.

Працягнецца вечар беларускай культуры унікальным падзеяй - выставай аднаго дня. На гэты раз гледачы змогуць убачыць Бялыніцкі абраз Божай Маці.

– Дэманстрацыя цудадзейнага абраза “Маці Боская Адзігітрыя Бялыніцкая” у Вялікім тэатры – выключны выпадак. Упершыню ён пакінуў залу аднаго храма, музейнага, кааб прадстаць перад гледачамі і вернікамі ў другім, у храме тэатральнага і музычнага мастацтва, – гаворыць дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Барыс Лазука. – Выстава дае магчымасць не толькі ўбачыць унікальны твор беларускага іканапісу ХVІІ стагоддзя, але і прадстаць перад цудадзейным шэдэўрам, пранікнуцца хараством вобраза нязгаснага святла…

Барыс Андрэевіч і адкрые выставу, раскажа, як заўсёды, на дзіва цікава гісторыю гэтага цудатворнага абраза і адкажа на ўсе пытанні, а яны, несумненна, узнікнуць пасля апавядання, якое не зможа не захапіць у палон. І ўжо ў 19:00 у вялікай зале тэатра - гісторыя любові, якая жыве ў вяках дзякуючы двум беларускім класікам - пісьменніку Ўладзіміру Караткевічу і кампазітару Дзмітрыю Смольскаму, - опера «Сівая легенда». Галоўныя ролі выканаюць вядучыя салісты тэатра: Кацярына Галаўлёва (Ірына), Аляксей Мікуцель (Раман), Уладзімір Громаў (Кізгайла), Крыскентыя Стасенка (Любка), Алег Мельнікаў (Найміт). За дырыжорскім пультам - Андрэй Іваноў.

Дарэчы, не выпусціце магчымасць выйграць квіток на вечар 14 лютага: http://bolshoibelarus.by/rus/novosti-novye/2468-ugadajte-kto.html

0
0
0
s2sdefault

Партнёры