Архiў навiн

«Дон Кіхот» для Віктара Саркісьяна

Шчыра віншуем Віктара Уладзіміравіча з юбілеем! Жадаем моцнага здароўя, невычэрпнага зарада бадзёрасці і жыццёвай энергіі, дабрабыту і гармоніі!

12 лютага ў гонар 70-годдзя народнага артыста Беларусі Віктара Саркісьяна адбудзецца балет «Дон Кіхот».

Віктар Саркісьян быў прыняты ў беларускі тэатр оперы і балета ў 1967-м годзе, а ўжо праз два гады малады танцоўшчык стаў лаўрэатам I Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Маскве. Ён уразіў журы бліскучым выкананнем знакамітага «Гапака» з балета «Тарас Бульба» Васіля Салаўёва-Сядога. А першую галоўную ролю ў тэатры малады лаўрэат атрымаў у балеце «Дон Кіхот» Людвіга Мінкуса. Пра яго Базіля пісалі крытыкі: «Парад тэхнікі, які разгортваецца ў фінальным па-дэ-дэ, гучаў у яго гарэзлівымі трукамі бесшабашнага хлопца, строгая класічная форма набывала адценне акрабатычнасці, каскады віртуознасці захоплівалі, пакаралі».

Віктар Саркісьян стаў адным з самых яркіх танцоўшчыкаў у гісторыі беларускага Вялікага тэатра. Сярод лепшых яго партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Барыса Асафьева), Армэн («Гаяне» Арама Хачатурана), П'еро («Арлекінада» Рыкарда Дрыгі), Іван («Альпійская балада» Яўгена Глебава), Тарэра («Кармэн-сюіта» Жоржа Бізэ - Радзівона Шчадрына), Крас («Спартак» Арама Хачатурана). Некаторыя з гэтых роляў ствараліся непасрэдна на Саркісьяна, з улікам яго фенаменальных дадзеных.

Артысту былі падуладныя танцы класічныя і характэрныя, гратэск і героіка, бытавая дакладнасць і балетная ўмоўнасць. Бліскуча выканаў танцоўшчык гратэскныя вобразы: Караля Філіпа ў балеце «Тыль Уленшпігель» Яўгена Глебава і Д'ябла ў спектаклі «Стварэнне свету» Андрэя Пятрова. Сярод іншых партый: Юнак («Пасля балю» Генрыха Вагнера), Тыль, Машэка («Тыль Уленшпігель», «Курган» Яўгена Глебава), Ротбарт («Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага), Чыпаліна (аднайменны балет Карэна Хачатурана), Блажэнны («Папялушка» Сяргея Пракоф'ева).

Велізарны поспех суправаджаў і гастрольныя выступленні артыста, які быў абсалютным фаварытам публікі ў Даніі, Швецыі, Нарвегіі, іншых краінах. Актыўную творчую дзейнасць Віктар Саркісьян сумяшчаў з вучобай у Мінскім універсітэце культуры і мастацтваў. Скончыўшы кар'еру танцоўшчыка ў 1989 годзе, у якасці рэжысёра-харэографа ўдзельнічаў у пастаноўцы балетных спектакляў у рэспубліцы і за мяжой, а таксама на працягу некалькіх гадоў выкладаў у Нацыянальнай акадэміі мастацтваў Сірыі.

Як балетмайстар-пастаноўшчык на беларускай сцэне Віктар Саркісьян выступіў у спектаклях «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1983) і «Кавалер руж» Р.Штраўса (1987).

Сёння дацэнт Віктар Уладзіміравіч Саркісьян выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, навучаючы харэаграфіі будучых акцёраў кіно і тэатра. Ён з'яўляецца аўтарам 3-х томнага навучальнага дапаможніка «Сцэнічны танец» і шэрагу навучальных праграм.

12 лютага ўпершыню ў вобразах Кітры і Базіля на сцэну выйдуць Вікторыя Трэнкіна і Такатошы Мачыяма. Партыі Мэрсэдэс і Эспада выканаюць народныя артысты Беларусі Вольга Гайко і Ігар Артамонаў. Дырыжор - Андрэй Іваноў.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры