Архiў навiн

Міхаіл Малафій - Рычард

 

Сцэна беларускага Вялікага не адпускае маладога тэнара Міхаіла Малафія. Зноў - "Баль-маскарад" Джузэпэ Вердзі. Зноў - партыя Рычарда. У які раз артыст Львоўскай оперы ні прыязджае да нас – кожны раз зрывае апладысменты гледачоў і... выкрадае сэрца дам. 18 сакавіка на беларускай сцэне ён зноў паўстане ў вобразе Рычарда ў адной з найпрыгажэйшых опер Джузэпэ Вердзі "Баль-маскарад".


У сёмы раз саліст Львоўскай оперы будзе выступаць у Мінску, горадзе, які стаў для Міхаіла своеасаблівай стартавай пляцоўкай для яго далейшай, безумоўна, паспяховай прафесійнай кар'еры. Чэхія, Польшча, Славакія, Сербія, Італія, Францыя - Малафій выступаў ужо ў многіх тэатрах свету. І ўсё ж такі на пачатку быў Мінск. Менавіта на сцэне нашага Вялікага тэатра ён атрымаў Першую прэмію Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў і Прыз глядацкіх сімпатый - беларуская публіка была заваёвана прыгожым глыбокім голасам і акцёрскімі дадзенымі ўкраінскага тэнара. З гледачамі цалкам былі згодныя і музычныя крытыкі, якія называлі Міхаіла Малафія няйначай, як "залаты голас Украіны". "Галоўныя перамогі і выпрабаванні ў маладога тэнара яшчэ наперадзе, адзначалі аглядальнікі праекта classicalmusicnews.ru, але ўжо цяпер неабходна адзначыць эмацыйную напоўненасць і выразнасць тэмбру, да чаго варта дадаць безумоўны тэмперамент, малады запал і выразную сцэнічную знешнасць».


Цікава, што нарадзіўся Малафій ва ўкраінскім сяле Паманята Івана-Франкоўскай вобласці. І спяваць любіў заўсёды. Можа, першапачаткова пераймаў бацьку - той дагэтуль спявае ў царкве. У школе Міша быў «зоркай» - удзельнічаў у самадзейнасці, выступаў на розных фестывалях і конкурсах. Дарэчы, не ведаючы ні адзінай ноты, іграў на акардэоне, а потым і на сінтэзатары. І цяпер 26-гадовы спявак, пасля заканчэння Львоўскай музычнай акадэміі, служыць у оперным тэатры ім. Саламіі Крушальніцкай. А частыя гастролі вымушаюць вучыць мовы - англійскую, італьянскую, рускую. Беларускую Міхаіл разумее лёгка, кажа, што наша мова нагадвае яго родную, ўкраінскую.


Спявак не раз заўважаў: калі прыязджае ў Мінск, адчувае сябе, нібы дома - бо яго заўсёды чакае цёплы і душэўны прыём. Беларускія гледачы яго сапраўды палюбілі. І Міхаіл адказвае ім узаемнасцю. «Кожны раз сваім спевам імкнуся дарыць публіцы радасць, - кажа Малафій, - бо нішто не лечыць душу так, як музыка».

Застаецца дадаць, што за дырыжорскім пультам ў гэты вечар - маэстра Віктар Пласкіна. А галоўныя партыі выканаюць выдатныя салісты: народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна (Амелія), Васіль Кавальчук (Самуэль), заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў (Рэната), Аляксандр Кеда (Том).

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры