Арганізатары святочнага канцэрта, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец і Юрый Кавалёў распавядаюць, што асноўная ідэя праекта – прадставіць гледачам, акрамя класічных нумароў, сцэны са спектакляў, якіх пакуль няма ў рэпертуары беларускага тэатра, і сучасныя нумары, якія выканаюць зоркі сусветнага балета. Госці з Санкт-Пецярбурга – артысты Марыінскага тэатра Ігар Колб і Юлія Махаліна і артысты Міхайлаўскага тэатра Сабіна Япарава і Марат Шэміунаў. Маскоўскі Вялікі тэатр прадставіць прыма-балерына Чынара Алізадэ.
У гэты вечар на сцэне будуць бліскаць і зоркі беларускага балета: Ігар Артамонаў і Вольга Гайко, Антон Краўчанка і Ірына Яромкіна, Кацярына Алейнік, Марына Вежнавец, Юрый Кавалёў.
На адной сцэне з зоркамі выступяць і юныя танцоўшчыкі – дзеці, якія ўжо пяць гадоў вучацца ў Балетнай школе Марыны Вежнавец. Яны будуць танцаваць сольныя нумары і пакажуць фрагменты са спектакля "Шчаўкунок", пастаўленага ў Балетнай школе. Суправаджаць канцэрт будзе аркестр тэатра пад кіраўніцтвам маэстра Мікалая Калядка. Рэжысёрскае рашэнне праекта належыць Вользе Костэль.
Балетная школа Марыны Вежнавец існуе ў Мінску ўжо пяць гадоў. Навучаннем будучых зорак займаюцца педагогі з бліскучай школай рускага класічнага балета. Дзеці ад трох да дзесяці гадоў удзельнічаюць у спектаклях, пастаўленых спецыяльна для іх – "Спячая прыгажуня", "Дзюймовачка", "Шчаўкунок". Таксама выхаванцы школы прымаюць удзел у міжнародных конкурсах класічнай і сучаснай харэаграфіі і займаюць прызавыя месцы.