11 красавіка ў Камернай зале ім. Л. П. Александроўскай гучыць «Споведзь жанчыны». Як распавядае аўтар канцэрту Таццяна Пятрова, спачатку яна прыдумала менавіта назву вечара і толькі потым пачала збіраць саму праграму.
- Я і зараз памятаю, як падчас праліўнога дажджу стаяла на балконе і думала: як жа гэта прыгожа - верасень, апошняя навальніца... Глядзела на буйныя кроплі, што стукалі па шкле, і чамусьці ў галаву прыйшла фраза - «Споведзь жанчыны» . Так, адштурхваючыся ад гэтай назвы, я пачала рыхтаваць канцэрт, - усміхаецца лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальніца медаля Францыска Скарыны Таццяна Пятрова. - У першым аддзяленні гледачы пачуюць монаоперу Мікаэла Тарывердзіева «Чаканне». У яе аснове - аднайменная паэма Роберта Раждзественскага - гімн сучаснай жанчыне. Там ёсць проста цудоўныя радкі:
«Современная женщина суетою замотана,
Но, как прежде, божественна!
Пусть немного усталая, но, как прежде, прекрасная,
До конца непонятная, никому не подвластная…»
А ў другой частцы канцэрта - рамансы Мікаэла Тарывердзіева з цыклаў на вершы Бэлы Ахмадулінай, Марыны Цвятаевай, а таксама яго песні з кінафільма «Адам ажэніцца на Еве» на санеты Уільяма Шэкспіра. Прадоўжыць тэму вялікага англійскага паэта вакальны цыкл «Тры песні Афеліі» - ужо кампазітара Валерыя Гаўрыліна. Таксама прагучаць і яго рамансы. Мяркую, атрымаецца вельмі цікавы вечар, бо ён вытканы з невялікіх музычных апавяданняў, мініяцюр пра каханне, пра каханне жанчыны і пра розныя станы яе сэрца і душы. Прычым гісторыі будуць самыя розныя. Напрыклад, у адной з песен Афеліі Гаўрыліна трэба будзе пастарацца стварыць карціну вар'яцтва маладзенькай дзяўчыны, якая развітваецца са сваім каханым. А потым паказаць пакуты рускай бабы - з яго ж «Рускага сшытка", у песнях «Страдальная» і «Была справа».
Цікава, што першапачаткова першае аддзяленне Таццяна Пятрова меркавала прысвяціць паэзіі Ганны Ахматавай - выканаць рамансы і песні Сяргея Сланімскага, Міхаіла Багатырова, Сяргея Пракоф'ева. Але потым вырашыла, што ўсё ж такі гэтая музыка - не для шырокага кола гледачоў, а для больш спрактыкаванага слухача. Але ідэю не пакінула - толькі адклала на некаторы час. А пакуль 11 красавіка нас чакае цудоўны вечар, які будзе напоены дыханнем вясны і кахання.
Застаецца дадаць, што рэжысёр канцэрта - Міхаіл Панджавідзэ, за раялем - Ірына Целяпнёва. А на сцэну разам з Таццянай Пятровай таксама выйдуць Кацярына Галаўлёва і Кацярына Міхнавец.