Архiў навiн

Голас "Чароўнай флейты"

Праз чатыры гады нямецка-аўстрыйская каманда на чале з рэжысёрам Хансам-Йоахімам Фраем зноў высадзілася ў Вялікім тэатры Беларусі, каб стварыць на нашай сцэне чарговы незвычайны праект. Калі ў 2013-м Фрай прышвартаваў ў Мінску "Лятучы галандзец", оперу Рыхарда Вагнера, то цяпер ён вырашыў замахнуцца на Вольфганга Амадэя Моцарта. Ужо 30 сакавіка на нашай сцэне прэм'ера – "Чароўная флейта". Напярэдадні, па традыцыі, у тэатры прайшла прэс-канферэнцыя.

Ханс-Йоахім Фрай, рэжысёр-пастаноўшчык: "Я вырас на гэтай музыцы Моцарта. Упершыню я ўбачыў "Чароўную флейту", калі мне было 6 гадоў. У 15 я спяваў яе ў хоры ў школьным спектаклі. За той час, што працую ў самых розных тэатрах, а працую я з 20-ці гадоў, бачыў больш за 300 самых розных пастановак гэтага шэдэўра. І вось надышоў дзень, калі мне давялося самому ўвасобіць оперу Моцарта на сцэне. Беларускай. І я хацеў бы сказаць вялікі дзякуй Вялікаму тэатру, які назаўжды ў маім сэрцы!

«Чароўная флейта» – найпрыгажэйшая опера. І мне здаецца, яна толькі выйграе ад таго, што ў Мінску над яе пастаноўкай працуе наша аўстрыйска-нямецкая каманда. Хартмут Шоргхофер, мастак-пастаноўшчык, нарадзіўся ў Зальцбургу і прывёз у Беларусь часціцу радзімы Моцарта. Манфрэд Майрхофер, дырыжор-пастаноўшчык, прыехаў з Лінца, у яго свой, асаблівы падыход да гэтай музыкі, таму што яна ў яго ў генах. (Усміхаецца.)

Думаю, на спектакль будзе цікава прыйсці гледачам усіх узростаў – ад 6 гадоў да 98-мі. Таму што кожны знойдзе нешта сваё. Мову казкі зразумее дзіця, мову сімвалаў я ўключыў у гэтую гісторыю для інтэлектуалаў. Святло і цемра, свет Зарастра і Царыцы ночы, сілы сонца і месяца – для мяне вельмі важная дыялектыка ў спектаклі. Адсюль – і дзве мовы. Ды і сама чароўная флейта з аднаго боку – музычны інструмент, з другога – зброя ... Самае галоўнае: мы стараліся, каб пастаноўка не была сумнай. Ці атрымалася? Даведаемся на прэм'еры...»

Манфрэд Майрхофер, дырыжор-пастаноўшчык: «У оперы мы захавалі кожны гук Моцарта. Так, мы зрабілі купюры, але выключна ў дыялогах. У адваротным выпадку опера доўжылася б больш за 4 гадзіны. «Чароўнай флейтай» я дырыжыраваў больш за 30-ць раз. І ў мяне ёсць сваё ўяўленне, як павінны гучаць гэты твор. Але нельга не браць на ўвагу і галасы артыстаў. Напрыклад, у Андрэя Валенція, які грае Зарастра, - выдатны голас, і неабходны час, каб глядач нацешыўся яго гучаннем. Калі ён спявае, мне здаецца, я адпачываю і атрымліваю асалоду ад гэтай прыгажосці.

Для мяне ў гэтай оперы важныя партыі альта або габоя, якія, напрыклад, для іншага дырыжора змогуць падацца другараднымі. Але я вельмі хачу іх падкрэсліць, таму што ў Моцарта важны кожны гук, голас кожнага інструмента... »

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры