Архiў навiн

Viva la Mamma!

Сваркі і лаянкі артыстаў, інтрыгі і плёткі музыкаў, іх жарты і вастрыні – сапраўдны оперны кавардак на чале з галоўнай гераіняй Мамай Агатай, партыю якой выконвае... мужчына, чакае нас у Камернай зале 4 кастрычніка. У адказе за ўсё гэта «бязладдзе» дырыжор Іван Касцяхін і рэжысёр Алена Медзякова. Пастаноўшчыкі спектакля – музычнай камедыі Гаэтана Даніцэці прапануюць зазірнуць у свет закулісся...

Пра што спектакль?
Наш час. Трупа рыхтуецца да прэм'еры оперы, часу і месца для падрыхтоўкі катастрафічна не хапае. Літаральна за некалькі дзён да прэм'еры знаходзіцца адзінае памяшканне, якое падыходзіць для рэпетыцій, але яно ўжо занята пад склад для рэквізіту... Неўладкаваны спачатку пакой абрастае дэкарацыямі, якія ўзнікаюць паступова, касцюмамі – і прама на вачах гледачоў вырастае опера, якую трупа і ставіць…

Алена Медзякова: Цікава, што самая першая пастаноўка гэтай оперы Даніцэці мела назву «Тэатральныя парадкі», у чым ужо была доля іроніі. Пазней, перагледзеўшы фінал, кампазітар дадаў: «... і беспарадкі». Згадзіцеся, у любым творчым працэсе прысутнічае барацьба стыхій, сутыкненне энергій. А ў тэатры яна праяўляецца найбольш ярка.

Першапачаткова Даніцэці захапілі дзве п'есы для драматычнага тэатра – так на опернай сцэне ў музычнай камедыі кампазітара паўстала сцэна правінцыяльнага тэатра, дзе нейкая італьянская трупа рэпетуе італьянскую оперу. У першай рэдакцыі канчалася яна сумна: трупа не магла прыйсці да згоды – і спектакль у выніку не адбыўся. Аднак Даніцэці так захапіла гэтая гісторыя ўнутранай кухні тэатра, што ён вырашыў яе развіць і напісаў фінал, у якім усё-такі пастаноўцы быць. Увогуле, у тэатры так і адбываецца: усё і заўсёды прыходзіць да згоды і нейкаму вырашэнню.

Іван Касцяхін: І нават персанаж, дэманстратыўна і са скандалам пакідаючы трупу ў 1-м акце, вяртаецца. Таму што тэатр – справа агульная, калектыўная, гэта сінтэз мастацтваў і ўзаемадзеянне энергій: дырыжора і рэжысёра, сапрана і тэнара, салістаў і аркестра... Музыкі, артысты заняты агульнай справай, толькі ёй яны захоплены, і гэта апраўдвае многія выдаткі прафесіі. Бо тэатр – гэта магчымасць ствараць новыя маленькія светы і дарыць людзям радасць наведвання іншай рэальнасці. Тут як раз добра, што мы працуем на малой сцэне: не становімся на катурны, а знаходзімся побач з гледачом.

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры