Архiў навiн

Post scriptum: канцэрт камернай музыкі

 

16 снежня ў камернай зале імя Л.Александроўскай адбудзецца канцэрт, які прыкметна выбіваецца са звыклай чаргі вакальных вечароў. Акадэмічны канцэрт камернай інструментальнай музыкі – сапраўдная рэдкасць для Вялікага тэатра. Аднак нагода для сустрэчы ў строгам стылі ёсць. Падыходзіць да канца каляндарны год, які ускалыхнуў, мабыць, увесь свет. Гэты год прынёс нямала перажыванняў і гора, але і не меншыя надзеі і веру ў сілу чалавечага духу. На асэнсаванне гэтых падзей нам спатрэбіцца час, але і цяпер выразна адчуваецца патрэба спыніцца, замерці і прыслухацца да таго стану, які суправаджае нашу штодзённасць.

 

Канцэрту прадпісаны эпіграф:

 

2020. Мы на парозе канца года. Мы на парозе...

Лік 2020 ніколі для нас не будзе проста лікам. Мы наўрад ці зможам захапляцца абстрактнай прыгажосцю яго перыядычнасці і наўрад ці зможам адчуць мяккі рытм ваганняў 2 і 0 – таго, што больш адзінкавасці і таго, што ёсць пустата. Цяпер лічба 2020 для нас заўсёды будзе напоўнена самым прадметным сэнсам.

20:20 – гэта наш кошт на табло. Гэта нічыя. Пакуль? Што было ў гэтай барацьбе?

Стыхійныя, нават ірацыянальныя, сілы – супраць чалавечай стойкасці і адвагі;

непрадказальныя абставіны – супраць цвёрдасці духу;

смерць – супраць жыцця.

І ўсё ж нічыя.

Калісьці, калі час падорыць нам рэтраспектыву, за гэтай нічыёй мы ўбачым магчымасці. А зараз мы проста хочам спыніць гульню і пакінуць свой Post scriptum.

 

У канцэрце прагучаць творы Ёганэса Брамса і Макса Бруха – музыка, якая дазваляе кожнаму слухачу паглыбіцца ў сваю гукавую рэальнасць тым спосабам, які ўласцівы менавіта яму: інтэлектуалу – праз рацыянальнае ўсведамленне, лірыку – праз эмацыйны пражыванне, эстэту – праз перажыванне прыгажосці музычнага абсалюту.

 

У розныя перыяды свайго творчага жыцця – ад маладосці да апошняга дзесяцігоддзя – Іаганес Брамс ствараў творы ў жанры інструментальнага трыа, прычым не заўсёды гаворка ішла аб класічным складзе струнных і фартэпіяна. Да склада з удзелам духавых інструментаў Брамс ўпершыню звярнуўся ў 1856 годзе, стварыўшы Трыо для скрыпкі, валторны і фартэпіяна Мі-бемоль мажор. Другое трыо для змешанага складу было напісана ўжо ў 1891 годзе, і яго з'яўленне было абумоўлена зносінамі кампазітара з кларнетыстам-віртуозам Рыхардам Мюльфельдам, які раскрыў Брамсу найбагатыя магчымасці гэтага інструмента.

 

У адрозненне ад папярэдніх брамсаўскіх фартэпіянных трыо, у трыо для кларнета, віяланчэлі і фартэпіяна ор.114 (якія сталі, дарэчы, апошнім у серыі фартэпіянных трыо кампазітара) няма ні сімфанічнага размаху, ні гераічных інтанацый, ні напорыстай дзейснасці – яно падкрэслена камерна. Круг вобразаў звузіўся, зніклі яркія кантрасты, але ўнутры адной эмацыйнай – суб'ектыўна-лірычнай – сферы кампазітару атрымоўваецца дасягнуць незвычайнага багацця адценняў.

 

Макс Брух быў зачараваны спалучэннем кларнета, віяланчэлі і фартэпіяна, якое Брамс выкарыстаў у сваім кларнетавым трыо ор.114. Пяшчотны, сумны тэмбр кларнета выдатна гарманаваў з нізкім інтраспектыўным гучаннем віяланчэлі, што стварала непаўторны каларыт элегічнай прыгажосці, звернутай у рамантычнае мінулае. Замест віяланчэлі для свайго цыклу ор.83 Брух першапачаткова выбраў альт, магчыма, дзякуючы большай роднасці гэтага інструмента скрыпцы. Аднак у сучаснай выканальніцкай практыцы суіснуе некалькі версій – як з удзелам альта, так і з удзелам віяланчэлі.

 

Амаль усе восем п'ес, за выключэннем адной, напісаныя ў мінорных танальнасцях і адлюстроўваюць тое лепшае, што ўласціва музыцы Бруха: вытанчаны меладызм, сумную грацыю, празрыстасць і лёгкасць музычнай мовы, якая нагадвае манеру ліста Мендэльсона, ўхіл у пяшчотны, настальгічны рамантызм. Брух дзівосна выбудоўвае ўзаемадзеянне трох інструментаў: ні ў адной з п'ес не ствараецца ўражанне, што нейкі з іх гучыць занадта шмат ці занадта мала, на шкоду іншым. У змрочным Andante фа мінор праявілася любоў Бруха да румынскіх народных мелодый, у больш імпэтным Andante con moto соль мінор гучаць лепшыя тэмы, калі-небудзь напісаныя кампазітарам. Allegro Agitato рэ мінор і Allegro vivace ma non troppo сі-бемоль мажор ствараюць амаль што мендэльсонаўскі настрой і заўважна кантрастуюць з сумнымі восеньскімі настроямі шасці іншых п'ес.

 

Выканаўцы: Дзяніс Парэчын (кларнет), Іван Рэнанскі (віяланчэль), Марына Рамейка (фартэпіяна)

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры