21 снежня галоўным героем канцэрта, які пройдзе ў Камернай зале тэатра, стане самы вялікі па памеры і самы нізкі па гучанні інструмент сімфанічнага аркестра, уладальнік густога сакавітага тэмбру - басэтля. Толькі ён здольны прайграваць гучанне 16-футавых труб органа.
Праграмы, прысвечаныя музыцы для басэтлі, вельмі рэдкія. Таму вечарам 21 снежня ў гледачоў ёсць унікальная магчымасць пачуць гэты інструмент у якасці... саліста.
З часу, калі італьянскі кампазітар Клаўдыё Мантэвердзі ўпершыню прымяніў кантрабасавыя віёлы ў аркестры сваёй оперы «Арфей» у 1607 годзе, гэты інструмент прайшоў складаны і доўгі шлях. Сучаснае аблічча басэтлі аформілася толькі да пачатку XIX стагоддзя, але і ў канцы ХХ стагоддзя струнны волат усё яшчэ не прыйшоў да пэўнасці формаў, памераў, спосабаў гульні, выкарыстоўванага смычка і нават налады струн.
Асаблівасці канструкцыі інструмента - яго памер і таўшчыня струн, якія першапачаткова, як і ва ўсіх інструментаў сямейства, былі жыллёвымі, - доўгі час не давалі басэтлі сольных магчымасцей. Але ўсё змянілася ў XIX стагоддзі, калі сімфанічныя і оперныя партытуры кампазітараў-рамантыкаў вылучылі перад кантрабасістамі новыя тэхнічныя і мастацка-выразныя задачы – і музыканты-выканаўцы актыўна ўключыліся ў пошукі іх рашэння.
У гэтым творчым працэсе выяўляўся вялізны патэнцыял магчымасцей і інструмента, і выканаўцаў. Аказалася, што група басэтляў і басэтля сола здольныя ўвасабляць вобразы шырокага дыяпазону - ад трагічных, напрыклад, у "Атэла" Вердзі, да пацешных, напрыклад, "танцуючы" слон у "Заалагічнай фантазіі" Сен-Санса "Карнавал жывёл".
21 снежня на сцэне Камернай залы – артысты аркестра тэатра Павел Акавіцкі, Уладзімір Пулянкоў, Аляксандр Коўган, Павел Прыёмка, Уладзіслаў Сяножанскі (віяланчэль), Марына Новак (скрыпка), а таксама Інэса Радзіён (фартэпіяна), Ірына Бутэль (фартэпіяна). Рэжысёр - Наталля Кузьмянкова.
У праграме 21 снежня прагучаць: Адажыа Т.Альбіноні, "У манеры Шумана" Ж.М. Дэфая, Балада Алега Негруцы, Варыяцыі Н.Паганіні, Саната Р.Фукса, а таксама творы Г.Ф.Гендэля і Дж.Батэзіні.