Квартэт флейт Вялікага тэатра Беларусі, створаны музыкантамі аркестра тэатра Ларысай Ласоцкай, Арцёмам Нямірскім, Арсенам Замтарадзэ і Наталляй Мурзіной, — калектыў прафесіяналаў высокага ўзроўню, пераможцаў у розных міжнародных анлайн і афлайн конкурсах, уладальнікаў Гран-пры і першых месцаў. У праграме канцэрта, які музыканты і рэжысёр Наталля Кузьмянкова прапануюць увазе знатакоў, прымаюць таксама ўдзел музыканты тэатра Міхаіл Канстанцінаў (ударныя) і Юлія Шчарбакова (фартэпіяна).
Ларыса Ласоцкая расказвае, як з'явілася ідэя гэтага музычнага праекта і стваралася праграма: «Нам хацелася зрабіць праграму, якая перадае настрой абнаўлення, лёгкасці, адчуванне пачатку вясны, доўгачаканага прыходу цяпла. Назву канцэрту даў твор кампазітара Жана Кастэрэда “Флейты на канікулах”, які будзе гучаць у нашым канцэрце. Гэта арыгінальная кампазіцыя напісана для чатырох флейт і складаецца з чатырох частак: "Пастаральныя флейты", "Шчаслівыя флейты", "Летуценныя флейты", "Бесклапотныя флейты". Гэта вельмі светлая, жыццярадасная, тонкая французская музыка. Мы выканаем 1 і 4 часткі твора.
Будуць гучаць і творы сучасных японскіх кампазітараў. Гэта Coctail Paradise («Кактэйльны рай») Сатошы Ягісава, «Пакідаючы гняздо» І. Сакаі, «Марскі ідал» і «Вертушка» з «Акварыўмнай сюіты» Іта Ясухіда. Некалькі частак з сюіты прагучалі на папярэднім канцэрце, музыка вельмі спадабалася гледачам, таму мы вырашылі паўтарыць і дадалі новыя часткі сюіты.
Мы выканаем таксама Sky sympfony ("Лыжная сімфонія") Фасціна Жанжана, дзве часткі з Сюіты для чатырох флейт "Возера суцяшэння" амерыканскага кампазітара Кэтрын МакМайкл і інш. З Міхаілам Канстанцінавым мы выканаем "Арабскую фантазію" Германа Біфцінка для адной флейты і ўдарных..
Гледачам вельмі падабаецца музыка Валерыя Сапарава, разам з Міхаілам Канстантанавым і Юліяй Шчарбаковай мы прадставім тры ягоныя творы: «Успамінаючы А.Пьяццоллу», «Прэлюдыя», Bossa Nova.