Што такое баль? Гэта прыгожая музыка і танцы, усмешкі і смех, жарты і розыгрышы, нечаканыя сустрэчы і сюрпрызы, гульні і квэсты, канфеці і шампанскае… Гэта магчымасць хаця б на некалькі гадзін пабываць у іншым стагоддзі – у асяроддзі чароўных дам у пышных уборах і галантных кавалераў. Гэта магчымасць адсвяткаваць Новы год па старым стылі ў кампаніі таленавітых артыстаў - артыстаў Вялікага тэатра Беларусі.
14-ты раз у Вялікім тэатры Беларусі ў ноч на стары Новы год - з 13 на 14 студзеня - пройдзе баль! Па традыцыі, асноўнае танцавальнае дзейства разгорнецца ў фае. Танцавальныя заняткі пад кіраўніцтвам балетмайстра заслужанай артысткі Беларусі Юліі Дзятко пачаліся 6 лістапада. І ўжо 13 студзеня кавалеры і іх дамы будуць паважна ісці ў паланэзе, маршах, кружыцца ў вальсах і танчыць польку. Юлія Дзятко кожны год рыхтуе са сваімі вучнямі новую праграму. Гэта не стане выключэннем.
Аўтарам канцэпцыі свята выступіць галоўны рэжысёр тэатра Ганна Маторная. Традыцыйны канцэрт-сюрпрыз, праграмы ў Камернай зале, забаўляльныя мерапрыемствы ў фае рыхтуюць рэжысёры Наталля Бараноўская, Наталля Кузьмянкова, Вольга Бураўлёва, Марыя Ісаева. За мастацкае афармленне тэатра адказвае Любоў Сідзельнікава.
Сёлета гледачы будуць танчыць па ўзмаху дырыжорскай палачкі нашых трох маэстра: Алега Лясуна, Уладзіміра Авадка і Юрыя Караваева. Безумоўна, вельмі важны ўдзел на балі галоўнага хормайстра і галоўнага балетмайстра - народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч і заслужанага артыста Расіі Ігара Колба.
Білеты на Вялікі навагодні баль у Вялікім ужо паступілі ў продаж. Расклад рэпетыцый для жадаючых стаць удзельнікамі балю - на нашым сайце. Звярніце ўвагу, што танцавальныя гурты фарміруюцца да 26 лістапада!